Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
— То што, катакомбы старэйшыя за касцёл?
— Непамерна старэйшыя.
Я ішоў наперадзе. Раптам я адчуў нібы павеў нечага па твары. Полымя свечкі затрапятала, адбіткі замітусіліся па камені.
— Асцярожна!
У той самы момант я паслізнуўся, адчуў, што падаю, і раптам адчуў неверагоднай сілы штуршок у спіну. Такі, што ўзляцеў у паверта, мабыць, з метр патрымаўся так, а пасля не дужа мякка прызямліўся ў пыл, адчуваючы, што ступакі мае вісяць над пустатой.
— Езус-Марыя! Матка боска Астрабрамска. Матка боска Бытэньска.
— Што гэта было?
— Студня. Я ж сказаў, асцярожна!
Я сапраўды ледзь пераскочыў дзякуючы ксяндзоваму штуршку круглы чорны правал у падлозе. А можа…
— І чаго вы паслізнуліся? Ну так і ёсць, — ён узняў свечку ўгору. — Калонія кажаноў! Бач, за зіму які блін на падлозе атрымаўся.
Ён звесіўся і правіснуў, гледзячы ўніз. Пасля ўзяў каменьчык і кінуў у чорную пашчу. Праз незлічоныя стагоддзі адтуль даляцела нібы звонка, а нібы і глуха:
«Глок». Тут мы абодва, калі аб гэтым можна меркаваць пры свечцы, збялелі.
Наступныя пару хвілін ішлі моўчкі. Калі-нікалі трапляліся ў сценах закратаваныя адтуліны пад іржавымі замкамі.
— Ключы ў каго?
— Ключы ў мяне, — сказаў ксёндз. — І ад замкавых хадоў таксама. У мяне і ў Мультана. Дзеці панадзіліся лазіць. Каб не зваліўся каторы. Добра вам у яго? Хаця, чаму ж? Чалавек добры, станоўчы. Патомны вартаўнік. Ад прапрадзеда, а можа, й раней.
…Арганіст у пустым касцёле, калі мы папрамавалі праз прэсбітэрыюм на выхад, зноў граў нешта падобнае на «Бычка».
— Чаго ён так?
— А, я ж вам казаў. Ён аднойчы падчас імшы і «Лявоніху» ададраў.
— І нічога яму?
Трымаю. Я ж вам казаў: майстра на ўсе рукі. Тут і арганіста знайсці цяжка, а гэты… яшчэ і гадзіннік адрамантаваў. І каляндар амаль што. І сонечны і месячны.
Мы паволі ішлі да замка. А мяне ўсё не пакідала думка, чаму ён хацеў забіць мяне? А мо я і сапраўды паслізнуўся? Тады — што азначалі словы Вячоркі? Ведае нешта ці проста п'яная балбатня?
— Чуткі хадзілі, вы нешта шукаеце? — спытаў ён. — І трапіла вам у рукі нейкая шыфроўка?
«Ясна. Усё тая злашчасная балбатня ў машыне па дарозе ў Езна».
Сяк-так, у самых агульных рысах, я расказаў яму аб нязначным, асабліва напіраючы, што нічога не расшыфраваў, бо мне невядомы прадмет, вакол якога трэба тую стужку намотваць.
— Ведаючы матэматыку, гэта не так цяжка, — здзівіў ён мяне, а пасля яшчэ раз здзівіў: — Літарэю спрабавалі? А можа, спалучыць яе з Кеплераўскім прынцыпам?
«Чаму ён мне зараз дапамагае, — падумаў я. — Што за чалавек? Адкуль?» А ён, нібы сапраўды ведаючы мае думкі, раптам сказаў:
— Вы сабе можаце што хочаце думаць пра тое, што адбывалася тут трыста год таму. Гэта і дурню невядома. А вось што рабілася тут на нашай памяці! Гэта разблытаць! Тады, магчыма, і таямніца нашага правалу выйшла б на свет.
— Ну а калі б і раскрылі правакатара. Што тады вы?
— Хрыстос казаў, што ворагам трэба дараваць не да сямі разоў, а да сямідажды сямі…
— І вы?…
— Я, на шчасце, не Хрыстос. І нават не самы лепшы з яго служак.
— Гэта як?…
— Каб улады побач не было — кішкі матляў бы, — раптам праз зубы працадзіў ксёндз. — За маю апошнюю. Мне можна. Я — крыважэрны. Я — рука Ватыкана.
І я зразумеў: гэты сапраўды матляў бы кішкі. Не «рукой Ватыкана», а сваёй, вось гэтай, здатнай на ўсё. Пры ўспаміне аб сябрах і аб каханні, якое загінула недзе ў сутарэннях СС або СД — хто ведае?
Я пайшоў ад яго ў самых растрапаных пачуццях. Нашы рамантыкі мінулага стагоддзя сказалі б, што пагрозныя «цені», «анёлы начныя» кружлялі над маёй галавой. Чаму кніга? Нашто дзве смерці? Чаму чатырыста забітых у вайну? Каменныя брылы мне на галаву? Ксёндз над студняй? Банды Боўбеля і Куляша? Лапатуха? Бязладная балбатня Вячоркі пра цені і нейкія страшныя яйкі?
Цені, анёлы начныя. Кашмарны, бязлітасны свет.
Я не ведаў, што ўсё гэта — ружовая дзіцячая казка ў параўнанні з тым, што чакала мяне.
ЧАСТКА II КАТАКОМБЫ, ЗМРОК І АГОНЬ
РАЗДЗЕЛ I У ЯКІМ НІХТО З «ТРОХ МУШКЕЦЁРАЎ» АМАЛЬ НІЧОГА НЕ ВЕДАЕ, А ТОЙ, ХТО ВЕДАЕ, НЕ МОЖА РАСКАЗАЦЬ
Травень быў такі, што каб такіх не бывала на зямлі — яго варта было б выдумаць. Начамі некалькі разоў ласкава шапталіся з дахамі цёплыя, ледзь не парныя дажджы. Раніцамі зямля курэла добрай парай нават праз шматлікія густыя парасткі, а на травах віселі падвескі з расы: зробіш крок і раптам заззяе, зробіш другі — і ўжо ў іншых месцах успыхваюць маленькія аранжава-зялёныя сонцы.
Травень абяцаў спакойнае лета, добрую восень, сытую зіму, і мала хто з мужыкоў не бласлаўляў яго.
Акрамя, мабыць, мяне.
Для мяне ён быў не квеценню садоў, якая пасля ўкрыла цёплым снегам зямлю, не дажджамі, не росамі, што прарочылі раскошныя жыватворныя дні, а хутчэй нейкімі змрочнымі падземнымі сутарэннямі, пераходамі, бясконцымі катакомбамі ды кашмарамі па начах.
Я жыў, кажучы словамі старога ананіма:
А калі прыйшлі тыя падзеі — да ўяўлення аб гэтых лазах, ямінах, правалах, падземных калодзежах прыйшлі і яшчэ радкі (чые, я забыў) аб тым, як:
Таму настрой у мяне, як кажуць браты-палякі, быў «на псы», калі недзе ўжо ў дваццатых чыслах месяца я сядзеў на лавачцы ля Шаблыкавай хаты разам з гаспадаром і Міхасём Змагіцелем, займаючыся вельмі ўхвальнай справай (мы паволі-паволі папівалі «беларускі бальсан», змешаны са слязой божай, і закусвалі з рэшата парніковымі трускалкамі (хай яго бог любіць, гэтага Шаблыку, усё на свеце ў яго ёсць або знойдзецца).
Дундзелі ў залатым вячэрнім паветры хрушчы. Зусім ужо нізкае сонца зрабіла з Альшанкі райскую раку святла. Густыя ўжо шаты дрэў нерухома рыхтаваліся да сну.
І размова ў нас ішла нейкая сонная і, спачатку, ні аб чым.
— Ты вось заўсёды што — «БТ» гэтае курыш? — лянотна спытаў Змагіцель.
— Так.
— А я вось выключна «Нёман».
— Дый я люблю, але як пакуру доўга — кашаль. Кінуць не спрабаваў?
— Раз дзевяць месяцаў не курыў. А тут выбары. Піва рэдкага на вёсцы прывезлі: «Лідскае». Сушаная рыба знайшлася. Ну, а я ўрну вазіў па тых, хто сваімі нагамі прыйсці не можа. Сябры набралі ўсяго на маю долю і, заразы, забыліся, тры пачкі «Нёмана» купілі. Як толькі галасы падлічылі — складчына. А я намерзся за дзень на марозе, адвёў каня, прыйшоў, ну, выпілі. Забыўся, закурыў. І… як не было гэтых месяцаў.
Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на «кніжнасць».
— Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?
— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў… з танкамі.
Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма:
— Ну а гэты… Караткевіч? — спытаў Шаблыка.
— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.
— Кажуць, бабнік, — сказаў Змагіцель.
— А пра каго гэтага не кажуць? Ты вось лепей, Антось, скажы, што ты так нарасшыфраваў? — перавёў нудную размову на іншае Шаблыка.
Я коратка расказаў пра літарэю. Сказаў толькі, што цвёрда ўпэўнены, што патрэбная мне вежа — з паўночнага боку, там, дзе была замураваная пасля Слуцкая брама. Сказаў і пра вугал намотвання (я верыў гэтым хлопцам і дужа спадзяваўся, што яны былыя дзеячы партызанкі і падполля, умеюць, калі трэба, заціскаць у ціскі язык), але сказаў (даруй мне божа за хлусню), што прадмета, вакол якога трэба матляць, у мяне няма і што вызначэнне па транспарціры вугла між асявой лініяй стужкі і кірункам напісання слоў мала што дае, а канец мне і зусім няясны (і гэта было праўдай). Няясна было толькі, якую вежу трэба лічыць ад кутняй. Трэцюю?
Похожие книги на "Чорны замак Альшанскі", Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч читать все книги автора по порядку
Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.