Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Каб жа цнотнасць ваша стала вашай Самасцю, а не чым-небудзь пабочным, абалонкай, покрывам: гэта ёсць праўда глыбiняў вашай душы, дабрадзеi вы мае!
Вядома, ёсць i такiя, у каго цнатлiвасць - гэта сутарга пад бiчом: iх ляманту вы ўдосыць наслухалiся!
Ёсць i яшчэ iншыя, у якiх цнатлiвасць - гэта лянота iх заганаў: i кожнага разу, калi iхняя нянавiсць i зайздрасць соладка пазяхаюць, прачынаецца ў iх "справядлiвасць" i працiрае заспаныя вочы.
А тых цягне ўнiз: гэта iх спакушае iхнi ж д'ябал. Але чым больш яны апускаюцца, тым большым жарам гараць у iх вочы i тым большая ў iх пажада да Бога.
Ах, i такi лямант дайшоў да вашых вушэй, цнатлiўцы. "Што не я, тое i ёсць мой Бог i цнота!"
Ёсць яшчэ i такiя, якiя ледзьве рухаюцца, ды яшчэ i скрыпяць, бы калёсы, накладзеныя цяжкiм каменнем: гэтыя шмат гамоняць пра годнасць i дабрачыннасць - свае тармазы яны называюць цнотаю!
Ёсць яшчэ i такiя, што падобныя на будзiльнiк, якi ўжо заведзены; яны адстукваюць свае "цiк-так" i хочуць, каб цнотаю называлi iхняе "цiк-так".
Вось ужо хто-хто, а гэтыя распацешылi мяне: дзе толькi знайду такi гадзiннiк, буду накручваць яго сваiмi кпiнамi; хай пры гэтым яны яшчэ й цiктакаюць мне.
А iншыя ганарацца прыгаршчамi сваёй справядлiвасцi i прагнуць за гэта, каб iм дазвалялася ўсё i ва ўсiм: каб аж увесь свет захлынуўся ў сваёй несправядлiвасцi.
Ах, як паскудна гучыць у iх вуснах слова "цнота". I калi яны кажуць: "я справядлiвы", дык гэта заўсёды гучыць, як: "я адпомшчаны!"
Сваёй цнотаю яны сваiм ворагам вочы выдралi б; i яны ўзвышаюцца толькi, каб прынiзiць iншых.
I зноў жа ёсць такiя, якiя загразлi ў сваiм балоце i гавораць праз чарацiнку: "цнота - гэта каб цiха сядзець у багне.
Мы нiкога не кусаем i саступаем дарогу куслiвым; i ва ўсiм трымаемся думкi, як нас навучылi".
I зноў жа ёсць такiя, што любяць выстаўляцца i думаюць: цнота - гэта пэўным чынам рухацца.
Iх каленi заўсёды сагнутыя, i рукi iх складзены на малiтву за цноту, а iх сэрца нiчога пра тое не ведае.
I зноў жа ёсць такiя, якiя лiчаць за цноту казаць: "цнота патрэбная"; а па сутнасцi, яны думаюць, што патрэбная толькi палiцыя.
А некаторыя, не ўмеючы разгледзець у чалавеку высокае, лiчаць за цноту бачыць зблiзку i нiзкасць: так яны цнотаю лiчаць сваё сурочлiвае вока.
А некаторыя ж хочуць адукавацца ды ўзвысiцца i гэта называюць цнотай: iншыя хочуць адмовiцца ад усяго i быць скiнутымi, i таксама называюць гэта цнотай.
I вось амаль усе такiя думаюць, што маюць сваю долю ў цноце; i кожны хоча сама мала лiчыцца знаўцам "дабра" i "зла".
Але не на тое прыйшоў Заратустра, каб сказаць усiм гэтым хлусам i дурням: "Што вы ведаеце пра цноту! Што вы можаце ведаць пра цноту!.."
А каб вы, сяброве мае, стамiлiся ад старых слоў, якiх вы навучылiся ад дурняў i хлусаў: ад слоў: "плата", "адплата", "кара па справядлiвасцi"...
Каб стамiлiся казаць: "учынак добры, у iм няма сябелюбнасцi".
Ах, сяброве мае! Каб жа вашая Самасць была ва ўчынках, як мацi ў дзiцяцi: вось гэта хай будзе вашым словам пра цноту!
Сапраўды, я забраў у вас, мусiць, сотню слоў i любiмыя цацкi вашае цноты; i вось вы сярдуеце на мяне, як малыя.
Яны гулялi каля мора - накацiлася хваля i змыла iхнiя цацкi: i вось яны плачуць.
Але тая самая хваля прынясе iм новыя цацкi i новыя блiскучыя ракавiны i высыпле перад iмi!
I яны суцешацца; як i яны, атрымаеце вы, сяброве мае, суцяшэнне i новыя блiскучыя ракавiны!.."
Так сказаў Заратустра.
Пра набрыдзь людскую
Жыццё - гэта крынiца асалоды; але дзе п'е набрыдзь людская, там усе крынiцы затручаныя.
Я - за ўсё чыстае; але не трываю ашчэраных пашчаў i смагi нячыстых.
Яны заглядвалi ў глыбiню крынiцы: i вось свецiцца мне iх агiдная ўсмешка з глыбiнi крынiцы.
Святую ваду апаганiлi яны сваiм пахацiнствам; а калi свае брудныя сны яны называлi асалодаю, затручвалi i словы.
Працiвiцца полымя, калi яны кладуць на агонь свае сырыя сэрцы; сам дух дымiць i бурлiцца, калi набрыдзь падыходзiць да агню.
Мляўкiм i гнiлым робiцца плод у iхняй руцэ; у сухi лоўж ператварае iх позiрк дрэва.
I многiя, адвярнуўшыся ад жыцця, адвярнулiся толькi ад людской набрыдзi: бо не хацелi дзялiць з поганню нi крынiцы, нi агню, нi пладоў.
I шмат каторыя, што адышлi ў пустыню да дзiкiх звяроў i знемагалi ад смагi, не хацелi толькi сядзець каля вады разам з бруднымi пагонцамi вярблюдаў.
I шмат каторыя, што прыходзiлi спусташэннем i градам на ўрадлiвыя палеткi, хацелi толькi таптаць карак набрыдзi людской, каб заткнуць ёй глотку.
I гэта яшчэ не той кавалак, якiм я душыўся найбольш, - каб ведаць, што самому жыццю патрэбная варожасць, i смерць, i крыжавыя цярпеннi.
Але калiсьцi я спытаўся i ледзь не ўдавiўся сваiм пытаннем: як? няўжо жыццю патрэбен i гэты зброд?
Патрэбны затручаныя крынiцы, i смярдзючыя вогнiшчы, i брудныя сны, i чэрвi ў хлебе жыцця?
Не мая нянавiсць, а мая агiда прагна жэрла маё жыццё! Ах, як часта я гiдзiўся нават духам, калi бачыў, што i ў гэтай набрыдзi ёсць дух!
Нават ад уладароў я адвярнуўся, калi ўбачыў, што яны называюць уладараннем: па-гандлярску тузацца за ўладу - з набрыддзю людскою!
Жыў я сярод народаў, заклаўшы вушы, чужы iм моваю: каб не чуць i не разумець iх казаняў, iх дробязнага торгу за ўладу.
I, зацiснуўшы нос, паныла iшоў я праз усё ўчарашняе i сённяшняе: сапраўды, гнюсна смярдзiць мярзотаю ўсё ўчарашняе i сённяшняе ў пiсучай набрыдзi!
Я доўга жыў, як калека, - глухi, сляпы i нямы: толькi каб далей ад апанаванага свербам пiсання развясёленькага зброду.
Цяжка, асцярожна ўздымаўся мой дух па лесвiцы; мiзэрныя скраўкi радасцi былi яму асалодаю; з кульбакаю валаклося жыццё ў сляпога.
Што ж сталася са мною? Як я пазбыўся агiды? Хто абмаладзiў мой позiрк? Як узнёсся я на вышынi, дзе ўжо не сустрэнеш нiякага зброду каля крынiцы?
Цi ж не агiда дала мне крылы i сiлу, каб падляцець да крынiцы? Далiбог, мне трэба было ўзняцца ў вышынi, каб зноў здабыць крынiцу радасцi.
О, я здабыў яе, братове мае! Тут, у вышынях струменiць гэтая крынiца! Усё-такi ёсць жыццё, з якога не п'е нiякая погань людская!
Надта бурлiва струменiшся ты, крынiца радасцi! Часта спаражняеш ты келiх, хочучы напоўнiць яго!
I ўсё ж я павiнен навучыцца наблiжацца да цябе больш сцiпла: занадта бурлiва струменiцца табе насустрач маё сэрца...
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.