Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Так, падобна мне, былi вы створаны на вернасць i пяшчотную вечнасць; цi павiнен я цяпер называць вас па iмёнах нявернасцi вашай, вы, боскiя позiркi i iмгненнi? Пакуль што я не ведаю iншых iмёнаў.
Сапраўды, зарана паўмiралi вы, уцекачы. Але не вы ўцяклi ад мяне, i не я ад вас, невiнаватыя мы адно перад адным у нявернасцi нашай.
Каб забiць мяне, душылi вас, спеўныя птушкi маiх спадзяванняў! Так, па вас, любасныя, злосць пускала заўсёды свае стрэлы, - каб пацэлiць мне ў самае сэрца!
I яны пацэлiлi! Бо вы заўсёды былi мне найблiжэй да сэрца; вы былi ўсё тое, чым валодаў я i што валодала мною, - таму i мусiлi вы памерцi такiмi маладымi!
У сама адчувальнае багацце маё пусцiлi стралу: у вас, чыя скура, быццам пяшчотлiвы пух, або, бадай што, - усмешка, якая памiрае ад аднаго позiрку!
Але я так скажу маiм ворагам: "Што ёсць забойства чалавека ў параўнаннi з тым, што вы зрабiлi мне!
Вы ўчынiлi большае лiха, чым забойства; вы адабралi ў мяне незваротнае так я кажу вам, ворагi!
Вобразы маладосцi i любыя мне дзiвосы адабралi ў мяне, адабралi шчасных духам, таварышаў маiх гульняў! На памяць пра iх я кладу гэты вянок i шлю вам праклён!
Гэта праклён вам, мае ворагi! Бо скарацiлi вы маю вечнасць, - так у холадзе начы гасне гук! Iмгненнем была мая вечнасць, мiмалётнасцю божага позiрку!"
Калiсьцi, у шчасную часiну, абвясцiла мая чысцiня: "Хай будзе мне боскiм усё жывое".
Тады падступiлiся вы да мяне са сваiмi бруднымi хiмерамi; куды падзелася шчасная тая часiна?
"Усе днi хай будуць свяшчэнныя мне" - так казала калiсьцi мая маладосць; i праўда, гэта была прамова вясёлай мудрасцi!
Але тады вы ўкралi ў мяне мае ночы i прадалi iх за пакуты бессанi: куды падзелася тая вясёлая мудрасць?
Калiсьцi ў вобразах птушак я шукаў шчаслiвых прыкметаў: тады вы пусцiлi саву - злавесную пачвару - на мой шлях. О, дзе вы цяпер, мае пяшчотныя пошукi?
Калiсьцi я даў зарок адцурацца ад усякай агiды: тады вы ператварылi маiх блiзкiх i сваякоў у гнойныя струпы. Ах, што сталася тады з маiм высокiм зарокам?
Як сляпы, хадзiў я калiсьцi шчаснымi сцежкамi: тады вы накiдалi бруду на дарогу сляпому. I цяпер з'агiдзелi яму былыя сцяжынкi.
I калi я спраўдзiў сама цяжкае для сябе i ўжо святкаваў перамогу маiх пераадоленняў, вы прымусiлi енчыць тых, што любiлi мяне, кажучы, быццам я iм спрычынiў найбольшы боль.
Сапраўды, вы заўсёды рабiлi так: вы атруцiлi найсаладзейшы мой мёд i зглумiлi працу маiх сама руплiвых пчол.
Сама нахабных жабракоў слалi вы насустрач майму мiлажалю; сцiжмы невылечна бессаромных тлумiлiся заўсёды вакол спагады маёй. Так паранiлi вы дабрачынствы мае ў iх веры.
I калi я ахвяраваў сваiм сама святым, што меў, адразу i ваша "пабожнасць" клала свае тлустыя дары: так што густым чадным дымам душылася маё сама святое.
I аднойчы схацелася мне танцаваць так, як яшчэ нiхто не танцаваў, - вышэй за нябёсы хацеў я лунаць у сваiм танцы. Тады падбухторылi вы майго любага спевака.
I заспяваў ён панылую, смутную песню; о, быццам злавесны рог затрубiў мне ў вушы!
Забойчы спявак - прылада зла, сама невiнаваты! Ужо я ўстаў, гатовы да свайго найлепшага танца; але сваёй мелодыяй ён забiў маё захапленне.
Толькi праз танец магу я выявiць сiмвалы i падабенствы сама высокiх рэчаў: i вось найвышэйшы сiмвал так i не адбiўся ў рухах майго цела!
Засталася нявыказаная i не знайшла выйсця мая найвышэйшая надзея! I памерлi вобразы i суцяшэннi маёй маладосцi!
Як перанёс я ўсё гэта? Як вылечыў i адолеў гэтыя раны? Як паўстала мая душа з гэтых магiл?
Так, ёсць у мне нешта неўмiручае, чаго нельга замкнуць у склеп, што здольнае ўзарваць нават скалы: гэта - мая воля. Моўчкi, не мяняючыся, праз гады.
Як i раней - сваiм ходам, але маiмi нагамi хоча iсцi мая воля; суровае i непераможнае адчуванне яе.
Толькi гэтая мая пята - непацэльная. Ты жывая i верная сабе, ты сама цярплiвая! I заўсёды прабiваешся цераз скляпы!
Што не вырашылася ў маладосцi, усё жыве ў табе; як маладосць, як жыццё, поўнае надзей, сядзiш ты тут, на магiльных руiнах.
Вiтаю цябе, мая воля, разбуральнiца скляпоў! Толькi там, дзе ёсць магiлы, магчымыя ўваскрэсеннi!"
Так спяваў Заратустра.
Пра самапераадоленне
"Воля да праўды" - цi не так называеце вы, наймудрэйшыя, тое, што парывае вас i робiць палкiмi?
Воля да памыснасцi ўсяго iснага: так называю я вашу волю!
Усё iснае вы хочаце спачатку зрабiць яўным, памысным: бо сумняваецеся - а цi памыснае яно.
Але яно не павiнна схiлiцца перад вамi i дапасавацца да вас! Так хоча ваша воля. Усё iснае павiнна зрабiцца гладкiм i падданым духу, як яго люстраны адбiтак.
Уся ваша воля, наймудрэйшыя, у гэтым памкненнi да ўлады, нават калi вы гаворыце пра дабро i зло, пра ацэнку ўсiх каштоўнасцяў.
Стварыць свет хочаце вы, перад якiм вы маглi б укленчыць: такая ёсць ваша апошняя надзея i ваша ап'яненне.
Тым часам як нямудрыя, гэта значыць народ, - падобныя на раку, па якой плыве човен, а ў iм урачыстыя i пышна ўбраныя каштоўнасцi.
Вашу волю i каштоўнасцi вы пусцiлi па рацэ станаўлення; я пазнаю вашу старую волю да ўлады па тым, у што верыць народ як у дабро i зло.
Гэта вы, наймудрэйшыя, пасадзiлi вашых гасцей у човен, далi iм бляск i гордыя iмёны, вы i ваша ўладнiцкая воля!
Далей нясе рака ваш човен: яна павiнна несцi яго. Не абыходзiць вам, што пенiцца ўзбураная вамi рака i гнеўна працiвiцца кiлю!
Не рака - небяспека вам i канец вашаму дабру i злу, наймудрэйшыя; але небяспечная сама воля да ўлады - невычэрпная самазарадная воля да жыцця.
Але каб вы зразумелi маё слова пра дабро i зло, хачу расказаць вам пра жыццё i ўласцiвасцi ўсяго жывога.
Я iшоў следам за ўсiм жывым, я прайшоў па вялiкiх i малых сцежках жывых, каб зведаць iх уласцiвасцi.
Стагранным люстэркам я лавiў позiрк жывога, калi былi сцiснуты ягоныя вусны; каб позiрк той гаварыў мне. I ён гаварыў.
Але дзе б я нi знаходзiў жывое, усюды чуў словы пра паслушэнства. Усё жывое слухаецца.
А цяпер другое, што ўведаў я: загадваюць таму, хто не ўмее слухацца самога сябе. Такая ўласцiвасць усяго жывога.
А вось трэцяе, што я чуў: загадваць цяжэй, чым слухацца. I не толькi таму, што той, хто загадвае, нясе цяжар тых, якiя падпарадкоўваюцца, i што цяжар гэты можа лёгка раздушыць яго: спробаю i дзёрзкасцю здаваўся мне любы загад. I, загадваючы, жывое заўсёды ставiць сябе пад рызыку.
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.