Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Бо людзi не роўныя: так кажа справядлiвасць. I тое, чаго я хачу, яны не маюць права хацець!"
Так сказаў Заратустра.
Пра паэтаў
"З таго часу, як я лепей ведаю цела, - сказаў Заратустра аднаму свайму вучню, - я кажу пра дух толькi ў параўнаўчым сэнсе; i ўсё "непрамiнальнае таксама толькi параўнанне".
"Я ўжо чуў гэта ад цябе аднаго разу, - адказаў вучань, - i тады ты яшчэ дадаў: "А паэты залiшне маняць". Чаму ты сказаў, што паэты залiшне маняць?"
"Чаму? - сказаў Заратустра. - Ты пытаешся чаму? Я не той, у каго можна пытацца пра ўсе iх "чаму".
Не ўчора пачалося маё жыццё! Даўно ўжо я перажыў асновы сваiх меркаванняў.
Цi не быў бы я бочкаю памяцi, калi б насiў пры сабе ўсе свае асновы!
Захоўваць свае меркаваннi - ужо i гэта залiшне для мяне; а колькi птушак ужо адляцела!
I сярод iх у галубятнi маёй ёсць нейкая залётная, не вядомая мне; яна дрыжыць, калi я кладу на яе руку.
Дык што ж табе аднаго разу сказаў Заратустра? Што паэты залiшне маняць? Але i сам Заратустра - паэт.
А цяпер цi верыш ты, што тут ён сказаў праўду? Чаму верыш?"
Вучань адказаў: "Я веру ў Заратустру". Але Заратустра пахiтаў галавою i ўсмiхнуўся.
"Вера не робiць з мяне праведнага, - сказаў ён, - тым больш вера ў мяне.
Але пастановiм сабе, што нехта сказаў сур'ёзна, быццам паэты залiшне маняць: ён меў бы рацыю - мы залiшне манiм.
Мы вельмi мала ведаем i блага вучымся: таму мы i мусiм манiць.
I хто з нас, паэтаў, не разводзiў свайго вiна? Колькi атрутных мяшанак было прыгатавана ў скляпах нашых; там шмат чаго адбывалася, чаго i апiсаць не спасобiць.
I як што мы мала ведаем, нам даспадобы ўбогiя духам, асаблiва - маладыя жанчыны!
Мы таксама вельмi кiдкiя да ўсяго, што вечарамi распавядаюць старыя кабеты. Гэта ў сабе мы называем Вечна-Жаночым.
I нiбыта iснуе нейкi таямнiчы, адмысловы шлях да ведання, прысыпаны, таму, хто нечагась навучыўся: во так во - верым мы ў народ i ў "мудрасць" ягоную.
А вось у што вераць усе паэты: калi хто ляжыць у траве альбо на голым пагорку i цiкуе вухам, дык улоўлiвае нешта такое, што лунае памiж небам i зямлёй.
I калi паэтаў ахiнаюць наплывы пяшчоты, яны перакананыя, што сама прырода закахалася ў iх.
I што яна цiхенька скрадаецца да iх i нашэптвае iм нешта таямнiчае, лiслiвыя словы: гэтым яны ганарацца i задаюцца перад усiмi смяротнымi!
О, як многа розных рэчаў памiж небам i зямлёй, пра якiя даюць сабе летуценiць толькi паэты!
I тым больш пра тое, што над небам: бо ўсе багi - сiмвалы i паэтычныя вычуды!
Праўда, нас заўсёды цягне ўгору, у царства захмар'я: на хмары мы садзiм стракатыя пудзiлы называем iх багамi i Звышчалавекамi...
Яны занадта лёгкiя на такiя крэслы! - i гэтыя багi, i Звышчалавекi!
Ах, як я змакрэў ад усяго гэтага недасягальнага, што мусова пнецца зрабiцца падзеяй! О, як я стамiўся ад паэтаў!"
Пакуль гаварыў Заратустра, вучань сердаваў на яго, але маўчаў. Замоўк i Заратустра: а позiрк ягоны быў скiраваны ўсярэдзiну сябе, i здавалася, што глядзеў ён кудысьцi ўдалечыню. Нарэшце ўздыхнуў.
"Я - ад сёння i ад учорага, - сказаў ён, - але ёсць ува мне i нешта ад заўтра, i ад паслязаўтра, i ад запаслязаўтра.
Я стамiўся ад паэтаў, старых i новых: надта павярхоўныя для мяне ўсе гэтыя плыткiя моры.
Яны мыслiлi недастаткова ўглыбiню: таму i пачуццё iх не даставала да самых асноў.
Трошкi юрлiвасцi, трошкi нуды - гэта яшчэ лепшыя iхнiя думкi.
А мне iх прывiдныя павевы i подыхi - гэта ад брынчання iхнiх арфаў; што яны дагэтуль ведалi пра палкасць гукаў!..
Яны таксама недастаткова чыстыя: каламуцяць ваду, каб яна здавалася глыбейшаю.
Яны любяць выдаваць сябе за ўлагодцаў: але ў мяне яны заўсёды толькi пасрэднiкi i мяшальнiкi, неданоскi i нячыстыя!..
Ах! Часта закiдваў я мярэжы ў iхняе мора, каб злавiць добрую рыбiну; а лавiў заўсёды толькi галаву якога-небудзь старавечнага божышча.
Так, галоднаму мора дало камень. Магчыма, што i самыя яны выйшлi з мора.
Вядома, i сярод iх пракiдаюцца перлы: але гэта яшчэ больш надае iм падабенства з цвёрдымi ракавiнамi. I часта замест душы я знаходзiў у iх толькi салёную слiзь.
У мора навучылiся яны i гардзейства: цi ж бо мора - не пава над павамi?
I перад найбрыдчэйшым буйвалам раскукольвае яна хвост i нiколi не стамляецца круцiць сваiм карункавым веерам з срэбра i шоўку.
Атупела глядзiць на яе буйвал, i душа яго падобная на пясок, яшчэ больш падобная на нетру, а найбольш на балота.
Што яму хараство, i мора, i павiныя строi! Такую вось прыпавесць апавядаю я пра паэтаў.
Праўда, дух у iх - таксама пава над павамi i мора гардзейства!
Духу паэтаваму патрэбныя гледачы: хай гэта будуць хоць буйвалы!..
Але я стамiўся ад гэтага духу: i прадбачу час, калi ён стомiцца сам ад сябе.
Я ўжо бачыў паэтаў, якiя пераўтварылiся i звярнулi свой позiрк на сябе.
Я бачыў пакаянцаў духам: яны выраслi з паэтаў".
Так сказаў Заратустра.
Пра вялiкiя падзеi
На моры ёсць выспа - непадалёк ад шчасных выспаў Заратустры, - на ёй заўсёды курыцца вулкан; народ, i асаблiва старыя кабеты, казалi пра гэтую выспу, што яна каменная глыбiна перад брамаю ў пекла; а ўсярэдзiне самога вулкана ёсць вузкая дарога ўнiз да самай брамы.
I вось, у той самы час, калi Заратустра жыў на шчасных выспах, сталася так, што адзiн карабель кiнуў якар каля выспы, на якой курыўся той вулкан; i каманда сышла з карабля на бераг, каб папаляваць на трусоў. А калi пазней, недзе пад полудзень, капiтан i яго людзi сабралiся разам, яны раптам убачылi, што нехта ляцiць да iх у паветры, i нечы голас ясна сказаў: "Пара! Даўно пара!" Калi ж гэты прывiд наблiзiўся да iх - а ён шпарка, як цень, ляцеў да вулкана, - яны, ашаломленыя, пазналi ў iм Заратустру; бо ўсе, акрамя капiтана, бачылi яго няраз i любiлi, як любiць люд - спалучаючы любоў з нясмеласцю.
"Паглядзiце! - сказаў стары стырнiк, - Заратустра ляцiць у пекла!.."
Якраз таго самага часу, калi карабельнiкi прысталi да выспы, разнеслася пагудка, што Заратустра знiк; i калi пыталiся ў сяброў пра яго, тыя казалi, што ён уначы пайшоў да карабля, не сказаўшы, куды хоча адплысцi.
Так узнiк закалот, а праз тры днi, калi даведалiся пра вiдзежы ў карабельнiкаў, ён памацнеў; i ўвесь народ загаварыў, што Заратустру звалок д'ябал. Праўда, ягоныя вучнi смяялiся з гэтае галамоўзiны; адзiн сказаў нават: "Я хутчэй паверу, што Заратустра сам звалок д'ябла". Аднак у глыбiнi душы ўсе сумелiся i хвалявалiся: дзiва што радасцi было, калi на пяты дзень Заратустра паявiўся сярод iх.
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.