Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Гэтую свабоду i бясхмарнасць неба я паставiў, як блакiтны звон, над усiмi рэчамi, калi вучыў, што нi пад iмi, нi праз iх не выяўляе сябе нiякая "вечная воля".
Гэтую дзёрзкую весялосць i блазнаванне я паставiў на месца той волi, калi вучыў: "Адно немагчымае ва ўсiх рэчах - разумнасць!"
Хоць крыху розуму - насенне мудрасцi, рассеянае ад зоркi да зоркi - гэтая закваска дамяшаная да ўсiх рэчаў: да блазнавання дамяшаная мудрасць рэчаў!
Крыху мудрасцi - гэта ўжо магчыма; але вось якую шчасную ўпэўненасць знаходзiў я ва ўсiх рэчах: яны любяць скакаць на нагах выпадку.
О яснае i высокае неба па-нада мною! У тым якраз ад сёння твая чысцiня мне, што больш няма вечнага павука-розуму i ягонай павуцiны:
- што ты - месца пад скокi боскiх выпадковасцяў, што ты - стол божышчаў, на якiм божыя гульцы кiдаюць гульнёвыя косцi.
Ты чырванееш? Хiба я сказаў, чаго не след было? Альбо хочучы дабраславiць, сказаў якi кленiч?
Альбо сорам - быць удвух - увагнаў цябе ў чырвань? Ты кажаш мне змоўкнуць i сысцi, бо вось - блiзiцца дзень?
Свет глыбокi, i ён глыбейшы, чым гэта калi думалася дню. Не ўсё асмельваецца гаварыць перад аблiччам дня. Але дзень блiзiцца, i мы развiтаемся!.."
Так сказаў Заратустра.
Пра цноту, якая нiкчэмнiць
1
Калi Заратустра быў зноў на цвёрдай зямлi, ён не адразу пайшоў на сваю гару ў пячору, а прайшоў шмат дарог, усюды распытваў i выпытваў пра тое, пра сёе, так што, жартуючы, нават казаў сам сабе: "Вось рака, якая многiмi звiвамi вяртаецца да сваiх вытокаў!" Бо яму карцела ведаць, што сталася з чалавекам за час, калi яго, Заратустры, не было: зрабiўся ён большы цi меншы. I аднаго разу ён угледзеў шэраг новых дамоў; ён здзiвiўся i сказаў:
"Што азначаюць гэтыя дамы? Далiбог, не была вялiкая тая душа, якая збудавала iх на сваё падабенства!
Цi не дурное дзiця дастала iх са скрынкi з цацкамi? Каб другое дзiця зноў iх схавала ў скрынку.
Гэтыя пакоi i каморкi: няўжо людзi ў iх уваходзяць i выходзяць назад? У iх жа толькi месца шаўкавiчным кукалкам або памаўзлiвым кошкам, якiя даюцца паласавацца i сабою".
I Заратустра спынiўся i задумаўся. Нарэшце ён журботна сказаў: "Усё тут здрабнела!
Усюды я бачу нiжэйшыя вароты; такi, як я яшчэ, бадай што, увойдзе ў iх, але мусiць угнуцца.
О, калi я зноў вярнуся на радзiму, дзе мне не трэба будзе нагiнацца, нагiнацца перад малымi!" - I Заратустра ўздыхнуў i паглядзеў удалеч.
I таго самага дня ён сказаў казань пра цноту, якая нiкчэмнiць.
2
"Я хаджу сярод гэтага народу i не плюшчу вачэй: людзi не даруюць мне, што я не зайздрошчу iх цнотам.
Яны кусаюць мяне, бо я кажу iм: малым людзям патрэбны маленькiя цноты; бо мне цяжка прызнаць, што патрэбны гэтыя сама маленькiя людзi!
Я падобны на пеўня ў чужым катуху, яго дзяўбуць нават куры; але я нiчога не маю да гэтых курэй.
Я з iмi ветлiвы, як з любою нiкчэмнаю прыкрасцю; быць калючым з малым здаецца мне мудрасцю, вартай хiба што вожыка.
Усе яны гавораць пра мяне, седзячы ўгары каля агню; усе гавораць пра мяне, але нiхто пра мяне не думае!
Вось новая цiшыня, якой я навучыўся: той шум, якi ўчыняюць яны вакол мяне, расхiнае покрыва над маiмi думкамi.
Яны ўчыняюць гармiдар: "Чаго ад нас хоча гэта чорная хмара? Хоць бы яна не прынесла заразы!"
А нядаўна нейкая кабета схапiла сваё дзiця, калi тое памкнулася да мяне: "Забярыце дзяцей! - закрычала яна. - Такiя вочы высмальваюць дзiцячыя душы".
Калi я прамаўляю, яны пачынаюць кашляць: яны думаюць, што гэтак можна супрацiўляцца бурлiваму ветру; яны не здагадваюцца пра буру майго шчасця!
"Нам няма калi, нам не да Заратустры" - так пярэчаць яны; але што мне да iхнiх "калi", якiм не коле Заратустра?
I нават як хваляць мяне: хiба можна спачыць на iхнiх усхваленнях? Хвала мне iхняя - што поле ў бадзяках: скура свярбiць нават як здымеш яе.
I вось што яшчэ ўведаў я сярод iх: хто хвалiць, робiць выгляд, што аддае заслужанае, а папраўдзе ён сам хоча ўварваць сабе яшчэ болей!
Спытайцеся ў маёй нагi, цi падабаецца ёй iх манера хвалiць i прынаджваць? Праўда, у гэтым рытме "цiк-так" не можа яна нi скакаць, нi не варушыцца.
Яны спрабуюць хвалiць мне iх дробную цноту i надзiць мяне да яе; яны i нагу маю хацелi б угаварыць на рытмiчнае "цiк-так" свайго шчасцейка.
Я хаджу сярод iх i не мружу вачэй: людзi здрабнелi i драбнеюць далей. I прычына таго - iх вучэнне пра шчасце i цноту.
Яны сцiплыя нават i ў цноце, бо хочуць камфорту. А з камфортам сумяшчаецца толькi сцiплая цнота.
Праўда, i яны вучацца хадзiць па-свойму, i нават iсцi наперад: гэта я называю хадзiць накульгваючы. I гэтак я заважаю толькi тым, хто спяшаецца.
I шмат хто з iх, iдучы наперад, глядзiць назад, выцягнуўшы шыю: я ахвотна iх штурхаю.
Ногi i вочы не павiнны нi хлусiць, нi ганiць за хлусню адно аднаго. Але шмат хлуснi ў маленькiх людзей.
Некаторыя маюць сваю волю, але большасць толькi служаць волi iншых. Ёсць i сярод iх шчырыя, але большасць - усяго толькi благiя акторы.
Ёсць сярод iх акторы несвядомыя, ёсць i акторы насуперак сваёй волi: шчырых заўсёды мала, асаблiва - шчырых актораў.
Мужчынскiя якасцi тут рэдкiя: вось чаму жанчыны ў iх робяцца мужчынамi. Бо толькi той, у каго ў дастатку мужчынскага, вызвалiць у жанчыне жанчыну.
I вось найгоршая крывадушнасць, якую я ў iх бачыў: тыя нават, якiя загадваюць, падрабляюцца пад цноты падначаленых.
"Я служу, ты служыш, мы служым" - так молiцца тут крывадушнасць паноў, шкада, калi першы пан - толькi першы слуга!
Нават у iх крывадушнасць пранiкла цiкаўнасць маiх вачэй: i я разгадаў iхняе шчасце - шчасце мук - i iх бзычанне на асветленых сонцам шыбах.
Колькi дабрынi, столькi i слабасцi бачу я. Колькi справядлiвасцi i спагады, столькi i слабасцi.
Круглявыя, сумленныя i паблажлiвыя яны памiж сабою, як пясчынкi круглыя, сумленныя i паблажлiвыя да пясчынак.
Сцiпла абдымаць маленькае шчасце - яны называюць гэта "ўпакорваннем"! I пры гэтым сцiпла касавурацца на другое маленькае шчасце.
Яны, у сутнасцi, хочуць вельмi мала, а найбольш аднаго - каб iх нiхто не крыўдзiў. Таму яны такiя запабеглiвыя i кожнаму робяць дабро. Але гэта баязлiвасць: хай сабе хоць i цнотаю называецца.
I калi яны, гэтыя маленькiя людзi, гавораць тоўстым голасам, я чую ў iх голасе толькi хрыпласць, бо любы продзiмень робiць iх хрыплымi.
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.