Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Цябе завуць маёй малпай, ты апантаны блазен: я ж называю цябе сваёй рохкай свiннёю; рохканнем ты ганьбiш хвалу, якую я ўзношу блазноце.
Але чаго ты пачаў рохкаць? Таму, што табе мала лiслiвiлi, - вось i сеў ты каля гэтага сметнiка, каб мець прычыну рохкаць,
- i дзеля вялiкае помсты! Бо помста - вось тваё шумавiнне, славалюбны дурань, я раскусiў цябе!
Але твае дурныя прамовы шкодзяць мне, нават калi ты вымаўляеш правiльныя словы! I хай нават тысячу разоў справядлiвыя словы Заратустры - у тваiх вуснах яны заўсёды будуць шкодныя i несправядлiвыя!"
Так сказаў Заратустра; паглядзеўшы на вялiкi горад, ён уздыхнуў i доўга маўчаў. I нарэшце сказаў так:
"Не толькi гэты дурань агiдны мне, але i горад ваш.
Нi з тым, нi з другiм нiчога не зробiш: iх нельга нi палепшыць, нi пагоршыць.
Гора гэтаму вялiкаму гораду! Хацеў бы я пабачыць той вогненны слуп, у якiм ён згарыць!
Бо слупы полымя павiнны папярэднiчаць Вялiкаму Полудню. Але ўсё мае свой час i лёс.
Аднак жа такую навуку я дам табе на развiтанне, дурань: дзе нельга болей любiць, трэба прайсцi мiма!"
Так сказаў Заратустра i прайшоў мiма блазна i мiма вялiкага горада.
Пра адступнiкаў
1
Ах, павяла i пажухла ўсё, што яшчэ нядаўна зелянела i стракацела на гэтым поплаве! А колькi мёду надзеi насiў я адгэтуль у свае вулеi!
Усе маладыя сэрцы ўжо пастарэлi, i не так пастарэлi, як стамiлiся, спошлiлiся, супакоiлiся - яны называюць гэта так: "Мы зноў зрабiлiся пабожнiкамi".
Яшчэ нядаўна бачыў я, як на свiтанку смела iшлi яны па дарозе сваёй; але здарожылiся iхнiя ногi пазнання, i вось плявузгаюць яны цяпер на смеласць сваёй зары!
I праўда, быццам у скоках, калiсьцi лёталi iхнiя ногi, пад ухвальны смех маёй мудрасцi; а цяпер яны адумалiся. Толькi што я бачыў, як, угнуўшыся, паўзуць яны да крыжа.
Вакол свету i свабоды пырхалi яны калiсьцi, нiбы камары i маладыя паэты. I вось, крыху пастарэўшы, крыху памаладзеўшы, яны ўжо запечныя лежнi, цемрашалы i дэвоты.
Магчыма, таму панiкла iхняе сэрца, што адзiнота, быццам кiт, праглынула мяне? Магчыма, пакутлiва доўга, але марна ўчувалася iхняе вуха ў поклiчы маiх сурмаў i веснiкаў?
Шкада! Заўсёды знаходзiлiся i такiя, чыё сэрца не разлучаецца з мужнасцю i дзёрзкасцю, чый дух цярплiвы i вытрывалы. А астатнiя - баязлiўцы.
Астатнiя - гэта заўсёды большасць, штодзённасць, многiя мноствы, лiшнiя: усе яны баязлiўцы!
Хто падобны на мяне, таму на долю выпадуць перажываннi, падобныя на мае, так што першымi яго прыяцелямi будуць блазны i нябожчыкi.
А другiя - тыя, што назавуць сябе ягонымi вернiкамi: ажыўлены натоўп, шмат любовi, шмат шаленства, шмат дзiцячага шанавання.
Хай жа не прылепiцца да iх сэрцам той, хто падобны да мяне; не паверыць у гэтую вясну i цвiценне лугу той, хто ведае чалавечы род, - непастаянны i душою малы!
Калi б яны маглi iнакш, яны i хацелi б iнакш. Тое, што напалавiну, заўсёды руйнуе. Калi лiсце жаўцее - на што ж тут скардзiцца!
Хай яны ляцяць i падаюць, пакiнь iх, Заратустра, i не шкадуй! Лепей зрывай iх бурнай вiхурай - зрывай гэтае лiсце, Заратустра, каб адляцела прэч ад цябе ўсё завялае!
2
"Мы зноў сталi пабожныя", - прызнаюцца гэтыя адступнiкi, а многiя з iх яшчэ i баяцца прызнацца.
Я гляджу iм у вочы, проста ў румянец iх шчок: вы тыя, хто зноў молiцца!
Але гэта ганьба - малiцца! Ганьба не ўсiм, а мне, табе i кожнаму сумленнаму. Ганьба табе - малiцца!
Ты добра ведаеш: твой баязлiвы дэман у табе, што так любiць малiтоўна складваць рукi або трымаць iх на каленях i ўвогуле любiць спакой, - гэты баязлiвы дэман кажа табе: "Ёсць Бог!"
Але ў такiм разе i ты належыш да тых, хто баiцца святла, каму яно нiколi не дае спакою: з кожным днём табе давядзецца ўсё глыбей хаваць галаву ў цемру i ў чад!
Праўда, латвы ты выбраў час: бо вось зноў пырхаюць начныя птушкi. Настаў час усiх, хто баiцца святла, - вечар, час святкавання, калi нiшто не "святкуецца".
Я чую i адчуваю: прыйшоў час iх урачыстых шэсцяў i палявання - палявання расслабленага, вялага, кволага на нюх, калi пад цiхi крок мармычуць малiтвы, час палявання на душэўна-шчодрых дэвотаў: зноў пастаўлены ўсе пасткi, каб лавiць сэрцы! I дзе толькi нi падыму заслону, адусюль вылятае ўспалошаны начны матылёк.
Напэўна, ён быў там не адзiн! Я адчуваю, што ўсюды пазапаўзалi маленькiя абшчыны, i дзе толькi ёсць якая каморка, там знойдзеш i багамольцаў, i адчуеш iх пах.
Цэлыя вечары сядзяць яны i вядуць: "Дай нам зноў быць дзецьмi, каб казаць: "Божа лiтасцiвы!" Набожныя цукернiкi папсавалi iм языкi i страўнiкi.
Альбо цалюткi божы дзень дзiвяцца на хiтрага павука-крыжака, якi падпасвае здабычу i прапаведуе iншым павукам словы мудрасцi: "Пад крыжамi зручна плесцi сеткi!"
Альбо цэлыя днi выседжваюць з вудамi на балоце i лiчаць сябе глыбокiмi, але тых, хто ловiць вудамi там, дзе няма рыбы, я б нават павярхоўнымi не назваў!
Альбо пабожна-ўмiльна вучацца iграць на арфе ў песняра, якi сваёю iгрою вымацвае дарогi да сэрца маладзiчак, бо стамiўся ён ад старых баб i iхнiх падахвотак.
Альбо вучацца трэсцiся ад жаху ў цёмным пакоi ў якога-небудзь прыдурка-вучонага, якi ўсё чакае духаў, i пры гэтым дарэшты спаражняюць свой розум!
Альбо прыслухоўваюцца да флейты старога вандроўнага шарлатана, якi пераняў у журботна завыўнага ветру гукавую паныласць; вось i цягне следам за ветрам i прапаведуе панылымi гукамi скруху.
А некаторыя парабiлiся начнымi вартаўнiкамi; яны навучылiся дудзець у ражок, рабiць начны абыход i будзiць мiнулае, якое даўно ўжо спачыла.
Пяць выслоўяў з старых паданняў чуў я ўчора ўначы каля садовага мура: ад стомленых, панурых, усохлых начных вартаўнiкоў:
"Як на Айца, дык Ён не дужа клапоцiцца пра сваiх дзяцей, у людзей айцы куды лепшыя!"
"Ён надта стары! I зусiм ужо не клапоцiцца пра сваiх дзяцей", - адказаў другi вандроўнiк.
"Хiба ў iх ёсць дзецi? Нiхто не можа гэтага даказаць, калi ўжо i Ён сам гэтага не даказвае! Мне хацелася б, каб Ён хоць раз прывёў пераканаўчы доказ".
"Доказ? Ды калi тое было! Не дужа гладка ў Яго з доказамi - яму важней, каб Яму верылi!"
"Так, так! Вера робiць Яго праведным - вера ў Яго. Так было павялося ў нашых бацькоў! так яно iдзе i ў нас!"
Так гутарылi два начныя вартаўнiкi, якiя баялiся святла, i потым паныла задудзелi ў свае ражкi: было гэта ўчора ўначы каля садовага мура.
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.