Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Альбо гэта азначае: любiць сваiх пагрэбнiкаў i падаць руку зданi, якая хоча нас запалохаць?
Усё найцяжэйшае бярэ на сябе дух трывалы: падобнiцца цяжка наўючанамi вярблюду, якi спяшаецца ў пустыню; спяшаецца ў сваю пустыню i ён.
А там, у пустэльнай пустынi, адбываецца другое пераўтварэнне: там дух робiцца iльвом, каб здабыць сабе волю, ён хоча зрабiцца i гаспадаром сваёй пустынi.
Там ён шукае свайго апошняга ўладыку: ён хоча быць яму ворагам, апошняму Госпаду i Богу свайму, да пераможнага канца хоча змагацца з вялiкiм цмокам.
Хто ж ён, той вялiкi цмок, якога дух больш не хоча прызнаваць за Госпада i Бога? Завецца той цмок - "Ты-павiнен". Але дух iльва гаворыць "я хачу".
Звер "Ты-павiнен" ляжыць на дарозе ў яго, залатою лускою iльснiцца, i на кожнай лусчынцы золатам блiшчыць "Ты павiнен"!
Бляск тысячагадовых каштоўнасцяў на гэтай лусцэ, i магутны цмок кажа так: "Каштоўнасцi ўсiх рэчаў блiшчаць на мне сваiм бляскам".
"Ужо ўсе каштоўнасцi створаны, i ўсе яны - гэта я. Сапраўды, не павiнна больш быць "Я хачу!" - так кажа цмок.
Братове мае, навошта патрэбен леў у духу? Цi не даволi толькi ўючнай жывёлы, пакорлiвай i пачцiвай?
Ствараць новыя каштоўнасцi не можа яшчэ i леў; але стварыць свабоду дзеля новай творчасцi можа ягоная сiла.
Стварыць сабе свабоду i паставiць свяшчэннае "Не" вышэй за абавязак - вось навошта патрэбен леў, братове мае.
Забраць сабе права ствараць новыя каштоўнасцi - вось чаго найболей баiцца трывалы i пачцiвы дух. Сапраўды, рабункам, вартым драпежнага звера, здаецца яму ўсё гэта.
"Ты павiнен" калiсьцi было ў яго найвышэйшай святыняй, i ён любiў яе; а цяпер ён мусiць убачыць у ёй памылку i сваволю, каб здабыць сабе свабоду ад сваёй любовi, - вось навошта леў патрэбен.
Але скажыце мне, братове мае, што можа дзiця зрабiць такога, што не даецца iльву? Навошта драпежнаму зверу рабiцца яшчэ i дзiцём?
Дзiця - гэта нявiннасць i забыццё, новы пачатак i гульня, кола, якое само па сабе коцiцца, першы рух, свяшчэннае "Так".
Бо свяшчэннае "Так" патрэбна ў гульнi стварання, братове мае: сваёй волi цяпер прагне дух, свой свет здабывае страчаны светам.
Я назваў вам тры першыя пераўтварэннi духу: як дух зрабiўся вярблюдам, потым - iльвом, нарэшце - дзiцём.
Так сказаў Заратустра. У той час ён спынiўся ў горадзе, якi называўся Пярэстая Карова.
Пра кафедры цноты
Заратустру нахвальвалi аднаго мудраца, якi вельмi добра ўмеў разважаць пра сон i цноты; за гэта яго высока шанавалi i шчодра дарылi, i ўсе вучнi багавейна сядзелi перад кафедрай. Падышоў да яго i Заратустра i разам з усiмi сеў перад кафедрай. I сказаў мудрэц:
"Гонар i сорам сну! Гэта першае! I цурайцеся тых, хто кепска спiць i чувае ўначы!
Перад аблiччам сну нават злодзей саромеецца: нячутна крадзецца ён у змроку начным. Але няма сораму ў начнога вартаўнiка, ён трубiць у дудку i не саромеецца.
Не абы-якая штука - умець спаць: бо на тое трэба чуваць цэлы дзень.
Дзесяць разоў на дзень ты павiнен перасiльваць сябе: гэтая перасiлка дае табе прыемную стому i душы тваёй будзе сонным макам.
Дзесяць разоў на дзень ты павiнен зноў замiрацца з сабою, бо перасiлка гэта горыч, i кепска спiць той, хто не замiрыўся.
Дзесяць праўд ты павiнен знайсцi за дзень, iначай шукацьмеш праўду ўначы, i душа твая застанецца галодная.
Дзесяць разоў на дзень смейся i весялiся, каб уначы не мець клопату з жыватом - гэтым бацькам маркоты.
Мала хто ведае гэта: трэба мець усе цноты, каб добра спаць. Хiба ж буду я сведчыць iлжыва? Хiба буду чынiць пералюбы?
Хiба дазволю сабе пажадаць рабыню блiзкага майго? Не, не паспрыяла б такое добраму сну.
I нават калi ў цябе ёсць усе цноты, не забывайся яшчэ аднаго: умей у свой час паслаць спаць усе свае цноты.
Каб не сварылiся яны, гэтыя ясачкi любыя, тым больш праз цябе, няшчасны!
Будзь з Богам у згодзе i з суседам сваiм, гэтага вымагае добры сон. Будзь у згодзе таксама i з суседавым чортам! Iнакш ён сярод ночы пачне наведваць цябе.
Шануй начальствы свае i слухайся iх, нават калi яны ходзяць крыва! Гэтага хоча добры сон. Хiба ж бо твая ў тым правiна, калi ўлада кульгае?
Таго пастуха назаву сама лепшым, якi пасвiць авечкi на сакавiтых пашах: бо так здабывае ён добры сон.
Я не хачу нi вялiкае чты, нi багатае вучты: ад гэтага запаляецца ў целе каса. Але добра спiцца, калi ёсць добрае iмя i маленькi скарб.
Лепш невялiкi гурток, анiж дурны; але ўсе павiнны прыходзiць i адыходзiць сваiм часам. Гэта спрыяе добраму сну.
Даспадобы мне ўбогiя духам: яны спрыяюць добраму сну. Яны шчасныя, тым болей калi прызнаваць за iмi заўсёды iх рацыю.
Так праходзiць дзень у дабрачынца. А як ноч настае, баюся я клiкаць сон; не хоча ён, каб яго клiкалi, уладыку ўсiх цнотаў!
Я толькi думаю, што зрабiў я i што цэлы дзень мецiў. Цярплiва, як карова, жую гэта ўсё, пытаючыся ў сябе: якiя ж былi тыя дзесяць маiх пераадоленняў?
I тыя дзесяць замiрэнняў, i дзесяць праўдаў, i тыя дзесяць разоў, калi я смяяўся, усцешаны сэрцам?
I вось, пакуль я так разважаю i ўзважваю ўсе гэтыя сорак думак, разбiрае мяне раптам сон, названы ўладыкам цнотаў.
Ён б'е мяне па павеках - i яны цяжэюць, кранаецца вуснаў - i яны не змыкаюцца.
Сапраўды, нячутным крокам ён iдзе да мяне, сама лагодны злодзей, i крадзе мае думкi, i я застываю на месцы, дурны, як гэтая кафедра.
Але ж нядоўга стаю так, змораны сном, i адразу кладуся..."
Слухаючы мудраца, Заратустра смяяўся сам сабе ў сэрцы, бо нешта яму прасвятлiлася. I ён так сказаў свайму сэрцу:
"Дурань гэты мудрэц з яго сарака думкамi, але, мяркую, паспаць ён не дурань.
Шчасны i той, хто жыве з iм побач! Такi сон перадаецца, ён праходзiць нават праз тоўстыя сцены.
Мабыць, сама кафедра ў яго зачараваная. I нездарма сядзяць хлопцы перад прапаведнiкам цноты.
Яго мудрасць кажа: чуваць дзеля добрага сну. Сапраўды, калi б нават жыццё не мела нiякага сэнсу i калi б я быў змушаны выбраць бязглуздзiцу, тады i мне яго мудрасць здалася б найбольш вартаю выбару.
Цяпер мне зусiм зразумела, да чаго колiсь людзi iмкнулiся перад усiм, шукаючы цнотаў. Добрага сну шукалi яны i ў дадатак - цнотаў, увiтых кветкамi соннага маку!
Мудрасць сну без снення - яе прапаведавалi з кафедры ўсе гэтыя хвалёныя мудрацы, iншага сэнсу жыцця яны не ведалi.
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.