Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Вячэра
На гэтым месцы вяшчун перапынiў вiтаннi Заратустры i ягоных гасцей: ён прапхнуўся наперад, быццам баяўся прапусцiць час, схапiў Заратустру за руку i ўсклiкнуў: "Але ж, Заратустра!
Патрэба за патрэбу патрэбнейшая, так ты сказаў: i вось мне цяпер адно патрэбней за ўсё астатняе.
Дарэчы, цi не запрасiў ты мяне ў застолле? А многiя ж тут з дарогi. Ты ж не будзеш кармiць нас аднымi казанямi?
Усе вы ўжо згадвалi даволi многа пра ўтапленне, замярзанне, задушэнне i iншыя цялесныя нягоды: але нiхто не згадаў пра маю бяду - пра небяспеку памерцi з голаду,
(так сказаў вяшчун; а калi Заратустравы звяры пачулi ягоныя словы, яны ад страху далi лататы. Бо бачылi, што ўсяго, што яны паназносiлi за дзень, не хопiць, каб напхаць трыбух аднаго вешчуна),
- i пра небяспеку памерцi ад смагi, - сказаў вяшчун. - I хоць даўно ўжо чую я непадалёк плёскат вады, якая, як i мудрыя казанi, цячэ багата i бесперастанку: я хачу вiна!
Не кожны, як Заратустра, п'е заўсёды адну толькi ваду. Вада смакуе стомленым i завялым: нам да губы вiно, толькi яно дае iмгненнае гаенне, моцнае здароўе!"
Скарыстаўшыся тым, што вяшчун прасiў вiна, кароль злева, звычайна маўклiвы, таксама загаварыў: "Пра вiно патурбавалiся мы з братам - каралём справа, - сказаў ён, - у нас дастаткова вiна, наш асёл наўючаны вiном. Не хапае толькi хлеба".
"Хлеба? - адказаў Заратустра са смехам. - Якраз хлеба i няма ў пустэльнiкаў. Ды не хлебам адным жыве чалавек, але i мясам добрых ягнят, а ў мяне iх два:
- iх няхай хутчэй заколюць i прыгатуюць з шалфеем: так люблю я. Хапае тут i карэння, i пладоў, што будуць да смаку нават ласунам i гурманам: ёсць i арэхi i розныя iншыя загадкi - iх можна палускаць.
Дык вось, скора будзе ў нас ладны банкет. Але кожны, хто сядзе за стол, павiнен прыкласцi руку сваю, нават каралi. Бо ў Заратустры i каралю не за ганьбу быць кухарам".
Прапанова гэтая ўсiм прыйшлася па сэрцы: толькi жабрак-дабрахот запярэчыў супроць мяса, вiна i прысмакаў.
"Але ж вы толькi гляньце мне на Заратустру - на гэтага бражнiка! жартаўлiва ўсклiкнуў ён. - Цi ж бо на тое шукаюць прыстанку ў пячорах i падымаюцца ў горы, каб банкетаваць?
Вось цяпер я разумею, чаго вучыў ён нас калiсьцi, кажучы: "Хвала беднасцi!", i чаму хоча ён звесцi ўсiх жабракоў".
"Будзь рады i вясёлы, як я, - адказаў Заратустра. - Заставайся пры сваiх звычках, о найлепшы, жуй сваё зерне, пi ваду i хвалi сваю кухню: калi толькi яна вяселiць цябе!
Я - закон толькi сваiм, не ўсiм. А хто з маiх, той павiнен мець моцныя косткi i лёткiя ногi.
- радасна прымаць войны i фэсты, быць гатовым да сама цяжкага, быццам гэта свята, быць бадзёрым i здаровым, а не мрой-летуценнiкам.
Усё лепшае належыць мне i маiм; i калi нам не даюць, мы самi бяром найлепшую ежу, найяснейшае неба, наймацнейшыя думкi, найпрыгажэйшых жанчын!"
Так сказаў Заратустра; а кароль справа зазначыў: "Дзiўна! Цi чуў хто калi такiя разумныя словы з вуснаў мудраца?
I сапраўды, сама рэдкае ў мудраца, калi ён разумны i не асёл аслом".
Так сказаў кароль справа i сам здзiвiўся; а асёл сам сабе наўме, дадаў: "I-А". Гэта быў пачатак таго доўгага вячэрняга пасiлку, якi паводле гiстарычных апiсанняў вядомы як "вячэра". I пад час яе гаварылi толькi пра вышэйшага чалавека i нi пра што iншае.
Пра вышэйшых
1
Калi я першы раз прыйшоў да людзей, я зрабiў найбольшае глупства, глупства пустэльнiка: я выйшаў на рыначны пляц.
I як што прамаўляў да ўсiх, дык не звяртаўся нi да кога паасобку. А ўвечары таварышамi маiмi былi танцор на вяроўцы i мярцвяк, ды i сам я быў амаль труп.
А як настала другая ранiца, тут мне адкрылася новая iсцiна: тады я навучыўся гаварыць: "Што мне да таго рынку i чэрнi, да шуму чэрнi i яе доўгiх вушэй!"
Вось чаго навучыцеся ў мяне, вышэйшыя людзi: на рынку нiхто не верыць у вышэйшых людзей. Хочаце гаварыць перад iмi, ну i гаварыце! натоўп толькi бельмамi варочае: "Мы ўсе роўныя!"
"Эй, вы, вышэйшыя людзi, - бязглузда маргаючы, гаворыць чэрня, - няма нiякiх вышэйшых, мы ўсе роўныя, чалавек ёсць чалавек, i перад Богам мы ўсе роўныя!" I
2
Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр. А перад натоўпам мы не раўня астатнiм. О вышэйшыя, сыдзiце з рынку!
Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр! О вышэйшыя, гэты Бог быў ваша найбольшая небяспека.
Толькi з таго часу, як ён лёг у магiлу, вы ўваскрэслi. Толькi настае Вялiкi Полудзень, толькi цяпер вышэйшы чалавек робiцца панам!
Цi разумееце вы гэта слова, о браты мае? Вы спалохалiся, у вас сэрца замлела? Цi не зеўрае вам тут бездань? Цi не брэша на вас геенскi сабака?
Ну што ж. Мацуйцеся, вышэйшыя людцы! Сёння ўпершыню курчыцца ў родавых пакутах гара чалавечай будучынi. Бог памёр: сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек.
3
Сама асуячоныя сёння пытаюцца: "Як чалавеку захавацца?" А Заратустра, сама першы i адзiны з усiх пытаецца: "Як пераадолець чалавека?"
Да Звышчалавека хiне мяне сэрца, ён - найпершае i адзiнае маё, а не чалавек - не блiзкi i не бедны, не спрагнены i не найлепшы.
О браты мае, калi што я i люблю ў чалавеку, дык гэта тое, што ён пераход, захад i знiшчэнне. I ў вас ёсць шмат чаго, што мацуе маю любоў i надзею.
Мне дае спадзявацца тое, што вы поўныя пагарды. Бо здольныя да глыбокай пагарды, здольныя i на вялiкую пашану.
Варта вялiкай павагi, што вы спаняверылiся. Бо не навучылiся вы скардзiцца, не навучылiся дробязнай разумнасцi.
Бо сёння пануюць маленькiя людзi: яны прапаведуюць пакорлiвасць, сцiпласць, рупнасць, абачлiвасць i iншыя запаведзi малых цнотаў.
Усё, што бабскага i рабскага роду, i асаблiва мешанiна натоўпу: менавiта гэта прагне быць валадаром чалавечага лёсу - о агiда! Агiда! Агiда!
Гэта яно нястомна пытаецца: "Як найлепш, найдаўжэй i найпрыемней за ўсё захавацца чалавеку?" I таму яны пануюць сёння.
Пераадолейце iх, гэтых сённяшнiх паноў, гэтых маленькiх людцаў, - о браты мае! Яны - найвялiкшая небяспека Звышчалавеку!
О вышэйшыя людзi! Пераадолейце нiкчэмныя цноты, маленькую разумнасць, дробязную абачлiвасць, мурашыную мiтуслiвасць, мiзэрную самазадаволенасць, "шчасце большасцi"!
I чым падпарадкоўвацца, лепей паняверцеся. I сапраўды, я люблю вас за тое, што не ўмееце вы жыць у цяперашнiм, вы, вышэйшыя людзi! Бо так жывяце вы найлепей!
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.