Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм
Калi я ўгары, я заўсёды адчуваю сябе самотна. Нiхто не гаворыць са мною, холад адзiноты кiдае мяне ў дрыжыкi. Чаго ж мне трэба на вышынi?
Мая пагарда расце разам з запалам; чым вышэй я падымаюся, тым больш пагарджаю тым, якi падымаецца. Чаго ж мне трэба ўгары?
Мне брыдка за тое, што я падымаюся i што спатыкаюся! Я смяюся са сваёй задышкi! Як ненавiджу тых, якiя лётаюць! Як я стамiўся на вышынi!"
Тут хлопец змоўк. А Заратустра зiрнуў на дрэва, каля якога яны стаялi, i сказаў:
"Самотна стаiць на гары гэта дрэва, высока ўзнялося яно над чалавекам i над зверам.
I калi б яно загаварыла, не знайшлося б нiкога, хто зразумеў бы яго, - так вынёсла яно вырасла.
I вось яно чакае i чакае, - а чаго яно чакае? Так блiзка ссуседзiлася яно з хмарамi: цi не чакае яно першай маланкi?"
Калi Заратустра сказаў гэта, хлопец усклiкнуў, пляснуўшы рукамi: "Ты маеш рацыю, Заратустра. Я хацеў сваёй пагiбелi, калi iмкнуўся ўгору, i ты маланка, якое чакаў я! Паглядзi, што зрабiлася са мною, пакуль ты тут са мною: зайздрасць да цябе развалiла мяне!" - так гаварыў хлопец, горка плачучы. А Заратустра абняў яго i павёў за сабою.
I калi прайшлi яны крыху дарогi, загаварыў Заратустра: "Заходзiцца сэрца маё. Лепш за ўсякiя словы гавораць мне твае вочы, што табе пагражае небяспека.
Ты яшчэ не свабодны - ты толькi шукаеш свабоды. Стамiлi цябе твае пошукi i забралi твой сон.
Ты iмкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але i благiя твае памкненнi прагнуць свабоды.
Твае дзiкiя сабакi рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасцi ў сваiх падзямеллях, пакуль твой дух iмкнецца разбурыць усе вязнiцы.
Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такiх вязняў, але разам з тым падступная i нядобрая.
Свабодны духам павiнен ачысцiцца. Бо ў iм яшчэ шмат астрожнага змроку i цвiлi - вока яго павiнна ачысцiцца.
Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклiнаю цябе сваёй любоўю i надзеяй: не адкiдай сваёй любовi i надзеi!
Высакародна ты любiш пакуль што, i высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зiркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсiм папярок дарогi.
"Добрым" таксама ён заважае; калi ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогi.
Высакародны хоча стварыць новае i новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.
Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробiцца добры, а што знахабiцца, зробiцца перасмешнiкам i знiшчальнiкам.
Я ведаў высакародных, якiя страцiлi сваю найвышэйшую надзею. I вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокiя памкненнi.
I вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткiя ўцехi i ставяць перад сабою мiзэрныя мэты - не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.
"Дух - таксама салодкi шал" - так кажуць яны. I разбiлiся крылы ў iх духу, i цяпер ён поўзае ўсюды i апаганьвае ўсё, што грызе.
Калiсьцi яны мерылiся стаць героямi, сёння яны ласуны. Сёння смутак i жудасць - iм за герояў.
Але любоўю сваёй i надзеяй заклiнаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!"
Так сказаў Заратустра.
Пра прапаведнiкаў смерцi
Ёсць прапаведнiкi смерцi, i на зямлi поўна людзей, якiм патрэбна пропаведзь агiды да жыцця.
Зямля кiшыць лiшнiмi, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калi б можна было абяцаннем "вечнага жыцця" вынадзiць iх з гэтага жыцця!
Прапаведнiкаў смерцi называюць "жоўтымi" або "чорнымi". А я хачу паказаць вам iх у iншых колерах.
Вось яны, гэтыя жахлiвыя, што носяць у сабе драпежнага звера i не маюць iншага выбару, акрамя пажады i самакатавання. Але i пажада iхняя - таксама самакатаванне.
Яны яшчэ нават не рабiлiся людзьмi, гэтыя жахлiвыя: няхай жа яны прапаведуюць агiду да жыцця i гiнуць самi!
Вось яны, сухотныя душою - толькi нарадзiлiся, а пачынаюць ужо памiраць i трызняць вучэннем пра стому i адмаўленне.
Яны вельмi хацелi б смерцi, дык давайце ж пахвалiм iх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывiць гэтых мерцвякоў i не пашкодзiць гэтыя жывыя трупы!
Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; i адразу кажуць: "жыццё абвергнута"!
Але абвергнуты толькi яны самыя i iхнiя вочы, якiя бачаць толькi аблiчча сутнага.
Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага i выпадковага, што цягне з сабою смерць, - так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.
Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлiвасцi; трымаюцца за жыццё, як за саломiну, i кпяць, што трымаюцца за саломiну.
Iх мудрасць маўляе: "Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! I ў гэтым - уся дурнота жыцця!"
"Жыццё - толькi пакута" - так кажуць iншыя i не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабiць так, каб вашае жыццё спынiлася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас - пакута!
I хай такою будзе запаведзь вашае цноты: "Забi сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!"
"Салодкае пахацiнства - грэх, i так кажуць адны прапаведнiкi смерцi, дазвольце ж нам пайсцi i не рабiць дзяцей!"
"Нараджаць вельмi цяжка, - кажуць другiя, - ды i навошта? Нараджаюцца толькi няшчасныя!" Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.
"Спагада патрэбная, - кажуць трэцiя, - забярыце ўсё, што я маю! Забярыце i мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!"
Калi б яны былi ў аснове спагадлiвыя, яны адвярнулi б ад жыцця сваiх блiзкiх. Быць злымi - вось што было б iх сапраўдным дабром.
Але яны хочуць выбавiцца ад жыцця; што iм да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваiмi ланцугамi i дарункамi iншых людзей!
I нават вас, каму жыццё - гэта цяжкая праца i неспакой, хiба вас жыццё не стамiла? Хiба вы яшчэ не выспелi на пропаведзь смерцi?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца i ўсё iмклiвае, новае, нязведнае, - вы самi сабе цяжкiя сталi; ваш iмпэт - гэта толькi ўцёкi ад сябе i жаданне забыцца.
Калi б вы болей верылi ў жыццё, вы менш аддавалiся б iмгненнасцi. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, i нават каб ленавацца!
Усюды чуюцца галасы прапаведнiкаў смерцi; i поўнiцца зямля людзьмi, якiм патрэбная пропаведзь смерцi.
Альбо "вечнага жыцця": мне ўсё адно - толькi б знiклi яны з улоння зямлi!
Так сказаў Заратустра.
Пра вайну i ваяроў
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам лiтасцi, а таксама i ад тых, каго мы любiм да глыбiнi душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", Ницше Фридрих Вильгельм
Ницше Фридрих Вильгельм читать все книги автора по порядку
Ницше Фридрих Вильгельм - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки mir-knigi.info.