Мае згрызоты зьбіваюцца ў клубкі як вужакі
і я — уладар гэнага паганага кодлішча —
бы цмок па адной вышмыргваю вужак з клубка
і адпускаю да людзей а тыя не зважаючы
на бяскрыўдныя жоўтыя вушкі прымаюць
іх за гадзюк а мяне за сапраўднага цмока
і ў гэты час я сапраўды пачуваюся цмокам
такой надчалавечай істотай
бо я пад панцырам бо я страшны
і толькі самая звычайная бестурботная
раніца сонцам і сьвятлом змывае зь мяне
гадаў бруд і я бягу і шукаю людзей і тлумачу
што вужакі добрыя і разумныя істоткі
і што яны не вінаватыя ў сваім падабенстве
на гадзюк што іх можна пазнаць
па залатой кароне
а людзі разгубленыя ўглядаюцца ў мае вушы
а мне ў адчаі здаецца
што яны ўглядаюцца ў мае рогі
і тады ўсе мае душэўныя болькі
як бяздомныя чорныя галубы каля
цёплага коміна туляцца да адзінага чалавека
які любіць мяне — вужаку з залатой каронай.