Вяпрук пад шатамі дубоў
вадзіў зьнясіленых сяброў,
на паляўнічых не зважаў,
яго стралялі — ён ляжаў,
галодным быў — карэньне рыў
і думаў: голад паўбяды,
былі і горшыя гады,
пустыя, быццам жалуды.
Вяпрук пад шатамі дубоў,
галодны, думаў пра любоў,
пра тое, што усё жыцьцё
ён чуў адно — сяброў ныцьцё:
маўляў, паганы гэты лес,
савіны ды вужыны спрэс.
I каб ня няў яго народ,
ён ікламі ўгрызаўся ў лёд,
запэўніваў, што жалуды
у іхнім лесе не бяды,
што недародкі ёсьць паўсюль,
калі ж не каштавалі куль —
ідзіце ў свой прывідны лес,
там сьцежкі паляўнічых спрэс,
а я сьцяжынаю вужоў
пайду на голас мудрых соў,
галодны, думаў пра любоў,
пайду, знайду зялёны Дуб
сярод лядзяных, сьнежных гурб
ды ікламі ўгрызуся ў лёд
і зьненавіджу свой народ.