Беспрытульная птушка прыстанку ў аблоках шукае,
на убогай зямлі ёй нябесных вятроў не стае,
сьпее ў небе маланка, і скроні мае адчуваюць,
як сьмяротным агнём наліваюцца вены яе.
I аднойчы сябрам я скажу, што ідзе навальніца,
абдыму іх, адзіных, і скронь прытулю да грудзей,
і так блізка ля скроні іх сэрца жыцьцём будуць біцца…
Толькі я з навальніцай пайду ў іншы сьвет ад людзей.
Гэта лёс. Вы ня верце, што гэта стыхія,
пэўна ж, трэба камусьці вось так расказаць пра жывых,
каб пачулі глухія, відушчымі сталі сьляпыя
дый убачылі — зоркі ўзыходзяць таксама й для іх.
Вось і ўсё — маланка ля скроні шугае.
Перадайце наступніку: хай у народзе сваім
праз стагодзьдзе зімы, на Сьвята, мой твар адшукае,
і мы — вочы у вочы, шчасьлівыя — стрэнемся зь ім!